Шаноўныя сябры! Прыходзьце ў музей Якуба Коласа, а 17-й гадзіне ў пятніцу, каб не толькі пабыць на прэзентацыі кнігі выбраных твораў Язэпа Лёсіка, але і пабачыць некаторыя цікавыя выданні першага паэтычнага зборніка Якуба Коласа "Песьні-жальбы"! Хто будзе самы першы, той зможа атрымаць факсімільнае выданне зборніка класіка айчыннай літаратуры ў падарунак! Паспяшайцеся! У 1910 годзе ў Вільні была выдадзена першая паэтычная кніга Якуба Коласа “Песні-жальбы”. Аўтар у гэты час знаходзіўся ў мінскай турме, адбываючы пакаранне за падрыхтоўку і ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. Выхад кнігі быў знакавай падзеяй не толькі для Якуба Коласа, але і для ўсёй беларускай літаратуры таго часу. У рэцэнзіі “Нашай нівы”, якая з'явілася адразу пасля выхаду кнігі, Альгерд Бульба адзначыў глыбінную народнасць, дакладнасць думкі, неверагоднае майстэрства Якуба Коласа ў стварэнні вершаў пра прыроду: “…у момэнт, калі апісывае нам родныя абразы, ён стаецца артыстам, зросшымся с прыродай”. Высока, але і дастаткова крытычна ацаніў коласаўскія “Песні-жальбы” Максім Багдановіч. У артыкуле “Глыбы і слаі” ён назваў кнігу “цэльнай… па светапогляду”, але аднастайнай па тэматыцы і матывах. Галоўная каштоўнасць вершаў Якуба Коласа, на думку М. Багдановіча, “у праўдзівай – далёкай ад усякай фальшы – любві да бацькоўшчыны; гэтая любоў, як цудоўная жывая вада ў казках, ажыўляе іх і робіць роднымі, блізкімі ўсякаму, у кім яшчэ ёсць душа жывая, хто не забыўся аб долі свайго народа, а мо і сам перажывае апісанае ў гэтых вершах”.
З 5 па 19 лютага 2020 года на часовай экспазіцыі да 110-годдзя зборніка “Песні-жальбы” вы зможаце ўбачыць выданні розных гадоў, афорты А. Александровіча, крытычныя артыкулы і рэцэнзіі на зборнік, а таксама першыя 20 наведвальнікаў атрымаюць факсімільнае выданне зборніка абсалютна бясплатна.