Сябры, прыходзьце на цікавае мерапрыемства!!! Уваход вольны!!! 7 лютага а 17-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на прэзентацыю кнігі выбраных твораў Язэпа Лёсіка пад назвай “Змагар за вольную Беларусь”, якая праводзіцца ў рамках 27-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Язэп Лёсік (1883–1940) — адзін з самых актыўных дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння першай чвэрці мінулага стагоддзя. Яго літаратурная творчасць (вершы, апавяданні) была высока ацэнена крытыкай. Але найбольшы водгалас атрымала яго баявая публіцыстыка, скіраваная на барацьбу за палітычную незалежнасць Беларусі як ад заходніх, так і ад усходніх суседзяў. Дзевяноста дзявяты том кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор” прысвечаны самаму значнаму з творчага набытку нашага таленавітага творцы і змагара за Беларусь. Наведвальнікі падрабязна пазнаёмяцца з удзелам Язэпа Лёсіка ў беларускім нацыянальным руху і палітычнай дзейнасцю ў складзе Рады БНР, навуковай, культурна-асветнай працай у часы Савецкай Беларусі і трагічным лёсам у часы сталінскіх рэпрэсій. Падчас імпрэзы можна будзе даведацца пра сваяцкія сувязі Язэпа Лёсіка і Якуба Коласа, а таксама набыць кнігу выбраных твораў беларускага нацыянальнага і палітычнага дзеяча. У імпрэзе прымуць удзел: кіраўнік і галоўны рэдактар праекта «Беларускі кнігазбор» Кастусь Цвірка, беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук Валянцін Мазец, галоўны рэдактар Рэспубліканскага выдавецкага дома “Беларуская навука” Георгій Кісялёў, дырэктар Iнстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч, кандыдат філалагічных навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Акадэміі навук Беларусі Капылоў Ігар Лявонавіч, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Курцова Вераніка Мікалаеўна, беларускі вучоны-геолаг і грамадскі дзеяч Радзім Гарэцкі, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран, пісьменнік Генрых Далідовіч.

Теги других блогов: культура Беларусь літаратура